кароль польскі і вял. князь літоўскі [1669—73]. З княжацкага роду Вішнявецкіх. Вучыўся ў Празе, Дрэздэне і Вене. Служыў у аўстр. арміі, палкоўнік. У 1663 на чале ўласнага атрада ўдзельнічаў у вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. На трон абраны (19.6.1669) пасля адрачэння Яна II Казіміра Вазы, перамогшы кандыдатуры, якія падтрымлівалі Францыя і Габсбургі; за абранне М.В. галасавалі і прадстаўнікі ВКЛ. М.В. меў нязначны ўплыў унутры дзяржавы і быў вымушаны апірацца на розныя магнацкія групоўкі. У час яго панавання ўзмацніўся ўнутр. разлад у Рэчы Паспалітай, 4 з 6 сеймаў былі сарваны. У 1670 пацвердзіў Андросаўскае перамір’е 1667 з Масквой, аднак Кіеў заставаўся ў складзе Расіі. У 1670 узяў шлюб з Элеанорай Марыяй, сястрой аўстр. імператара Леапольда I. Супраць М.В. выступала прафранцузская партыя (т.зв. малькатэнты — незадаволеныя) на чале з вял. каронным гетманам Я.Сабескім і прымасам М.Пражмоўскім. У 1672 утварыліся Голамбская канфедэрацыя шляхты ў абарону караля і Шчабжэшынская супраць яго, аднак унутр. вайна ў дзяржаве была прадухілена нападам на Рэч Паспалітую Турцыі. М.В. памёр у Львове ў час падрыхтоўкі паходу на туркаў.